Нядаўна ў музейны фонд паступіла надзвычай цікавая для краязнаўцаў і настаўнікаў гісторыі кніга. Яна выйшла ў свет у 2014 годзе і называецца “Актуальныя праблемы гістарычнай навукі і адукацыі” пад агульнай рэдакцыяй доктара гістарычных навук, прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы С.В.Марозавай. Выданне адкрываецца артыкулам прафесара ўніверсітэта С.А.Габрусевіча “Актуальныя праблемы гісторыі ў кантэксце навуковай спадчыны прафесара Ігната Анацэвіча”. Наш зямляк С.А.Габрусевіч (1936-2013) даследуе навуковыя працы таксама нашага земляка, ураджэнца Малой Бераставіцы, прафесара Віленскага ўніверсітэта І.С.Анацэвіча. У гэтым зборніку змешчаны два артыкулы магістра гістарычных навук, галоўнага захавальніка фондаў Музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы Анастасіі Весялуха-Волкавай. У першым з іх аналізуюцца падручнікі па гісторыі, як падаецца ў іх вобраз Каліноўскага. (“Постаць К.Каліноўскага ў вучэбнай літаратуры па гісторыі (1990-2000-ыя гг.)”). Другі артыкул распавядае аб ролі “Кароткай гісторыі Беларусі Вацлава Ластоўскага ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці”. У гэтым зборніку змешчаны і артыкул нашай землячкі Г.С.Вайцешчык “Архітэктурнае аблічча мястэчкаў Заходняй Беларусі ў 1921 – 1939 гг.” Мікалай Пацэнка, навуковы супрацоўнік музея