Прафесар скульптуры з Вялікіх Эйсмантаў

Из истории земли Берестовицкой Культура

Распяцце. 1790-я. Дрэва, паліхромія. Мінск
Распяцце. 1790-я.
Дрэва, паліхромія. Мінск
К. Ельскі. Аўтапартрэт. 1848. Гіпс. Вільна
К. Ельскі. Аўтапартрэт. 1848. Гіпс. Вільна
К. Ельскі. Бюст М.Ромэра 1853. Гіпс танір. Вільна
К. Ельскі. Бюст М.Ромэра
1853. Гіпс танір. Вільна
К. Ельскі. Бюст Ю.Нямцэвіча. Гіпс. Вільна
К. Ельскі. Бюст Ю.Нямцэвіча. Гіпс. Вільна
К. Ельскі. Бюст М. Пачобута. 1830-я. Гіпс. Вільна
К. Ельскі. Бюст М. Пачобута. 1830-я. Гіпс. Вільна

Шляхецкі род Ельскіх вядомы на Гродзеншчыне з ХVI – XVII ст.ст. Некаторыя прадстаўнікі гэтага роду ў розныя часы пражывалі на тэрыторыі сучаснага Бераставіцкага раёна. Напрыклад, першым урачом у Вялікай Бераставіцы працаваў Леон Ельскі ў 1924-1930 гг., граф Адам Ельскі валодаў маёнткам Гольні ў ХІХ – пач. ХХ ст., памешчык Антоній Ельскі трымаў маёнтак у Эйсмантах у пачатку ХVIIІ ст. Унук Антонія, скульптар і мастак Караль Ельскі (1749-1824), таксама працаваў у Эйсмантах у канцы ХVIII ст. Вёска Эйсманты Гро­дзенскага павета (зараз Вялікія Эйсманты) стала радзімай для выдатнага польскага і беларускага скульптара Казіміра Карлавіча Ельскага (1782-1867).
Нарадзіўся будучы скульптар 4 сакавіка 1782 года ў сям’і мастака і скульптара Караля Ельскага і Ганны Ельскай. Дзяцінства сваё правёў у бацькоўскім доме ў Эйсмантах, дзе бацька Караль праводзіў аднаўленчыя работы ў мясцовым касцёле і навучаў маленькага Казіміра разьбярскаму рамяству. У 1794 годзе 12-гадовы хлопчык ужо прымае ўдзел у дэкарыраванні катафалка віленскага біскупа Ігнація Масальскага (1729-1794). А паміж 1795 і 1796 гг. ён дапамагае бацьку у вырабе невялікага драўлянага распяцця для касцёла Дзевы Марыі ў Вялікіх Эйсмантах (на фота). Вядома, што Караль Ельскі ў 1794 годзе падпісаў акт асуджэння паўстання на Літве і восенню 1795 года прысягнуў на вернасць Кацярыне ІІ. А крыж з распяццем Хрыста і анёламі па баках можа з’яўляцца пацверджаннем гэтай урачыстай прысягі. Распяцце мае форму праваслаўнага шасціканцовага крыжа. Яно аб’ядноўвае дзве веры: каталіцкую і праваслаўную. Адсюль распяцце магло быць прынесена ў Эйсмантаўскі касцёл як сваеасаблівы ўклад сям’і Ельскіх падчас трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795). У сваёй сталай творчасці Казімір Ельскі зноў выканае драўлянае распяцце для касцёла дамініканаў у Вільне.
У 1796 годзе бацька вядзе юнага Казіміра для навучання ў Віленскую гімназію. Падчас вучобы К. Ельскі ўжо вырабляе архітэктурныя арнаменты, разеткі пад кіраўніцтвам В.Гуцэвіча і М.Шульца. Паспяховая вучоба ў гімназіі дала магчымасць Казіміру вучыцца далей у Віленскім універсітэце з 1800 па 1809 гг. Таленавітаму вучню пашанцавала вучыцца ў выдатных настаўнікаў канца ХVIII – пач. ХІХ ст. Урокі жывапісу вялі Ф. Смуглевіч і Я.Рустэм, архітэктуры – М.Шульц, скульптуру выкладаў Андрэ Ле Брун, прыдворны майстар караля Станіслава Аўгуста.
З 1802 па 1807 гг. разам з Казімірам у Віленскім універсітэце вучыцца яго родны брат Ян Ельскі (1780 — каля 1850). Скончыўшы ўніверсітэт раней за Казіміра з дыпломам кандыдата скульптуры, Ян працаваў у Нясвіжы і Вільні. А Казімір у 1808 годзе атрымлівае ступень кандыдата выяўленчых мастацтваў і ў якасці стыпендыята фонду Ізабэлы Бруль-Платэр накіраваны ў Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў для ўдасканальвання скульптурнага майстэрства. Там Казімір Ельскі вучыцца ў знакамітых рускіх скульптараў: І.Мартаса, Ф.Шчадрына, І.Пракоф’ева. Пасля вяртання ў Вільню ў 1810 годзе К. Ельскі атрымлівае ступень магістра мастацтваў і выкладае на кафедры скульптуры ў Віленскім універсітэце з 1811 года. Выконвае скульптуры прарокаў для касцёла Св. Пятра і Паўла на Антаколі, у 1818 годзе стварае галерэю скульптурных партрэтаў – бюстаў прафесараў Віленскага ўніверсітэта: Я. Снядэцкага, З. Нямцэўскага, М. Пачобута, Ф.Смуглевіча і інш.
Як выкладчык кафедры скульптуры К. Ельскі займаецца тэорыяй мастацтва. У 1822 годзе піша трактат “Аб сувязі архітэкруры, скульптуры і жывапісу”, за які ў тым жа годзе атрымлівае пасаду ад’юнкта (памочніка-асістэнта, намесніка прафесара). У 1824 го­дзе К. Ельскі чытае свой рэферат аб творчасці італьянскага скульптара А.Канавы. І, нарэшце, у 1829 годзе Казімір Карлавіч становіцца прафесарам скульптуры – першым у беларускім мастацтве. З майстэрні К.К. Ельскага выйшлі польскія і беларускія скульптары і мастакі Р.Слізень, К.Русецкі, Я.Астроўскі, К.Кавалеўскі і інш. У сістэме мастацкай адукацыі прафесар Ельскі прытрымліваўся асветніцкіх пазіцый эпохі класі­цызму.
Нягледзячы на паспяховую дзейнасць, скульптурны клас Віленскага ўніверсітэта быў зачынены ў 1826 годзе. Але выдатныя заслугі скульптара Казіміра Ельскага прадаўжаюць прыносіць карысць універсітэту. К. Ельскі прызначаны апякуном скульптурнага кабінета і выканаўцам архі­тэктурных арнаментаў універ­сітэцкіх будынкаў. А з пісьма К. Ель­скага да рэктара Кракаўскага ўніверсітэта ад 2 студзеня 1833 г. можна даведацца аб 32 бюстах скульптурнага кабінета. Між іншым, у лісце К. Ельскі пазначае, што ўсе партрэты выканаў уласнаручна і з натуры. Гэта перадавыя дзеячы культуры, буйныя вучоныя Беларусі, Польшчы і Літвы: прафесар-медык Ю.Франк, музыкант К. Ліпіньскі, мастакі-педагогі Ф.Смуглевіч і Я.Рустэм, астраном М.Пачобут, анатам і заолаг Л.Баянус, гісторык Ю.Нямцэвіч, князь А.Чартарыйскі і інш.
Напрыканцы 1820-х гадоў К.Ельскі вызначыўся ў такіх складаных відах скульптуры, як надмагільны помнік, медальён, рэльеф. Гэта помнікі біскупам Г.Страйноўскаму і Я.Касакоўскаму, генералу Т.Ваўжэцкаму, членам сям’і Казелаў, Ромераў і інш. Для франтона евангеліцка-рэфарматарскай царквы ў Вільні К.Ельскі выканаў рэльеф “Хрыстос, які прапаведуе народам” – шматфігурная кампазіцыя з людзьмі, жывёламі і раслінамі. У 1830-х гадах К.Ельскі праводзіць аднаўленчыя работы ў Коўне.
У 1848 годзе выконвае “Аўта­партрэт” у форме медальёна, на якім выступае рэльефны профіль майстра скульптуры (на фота). Партрэт атрымаўся вельмі рамантычным са слядамі сінтэзу трох мастацтваў: скульптуры, архітэктуры і жывапісу.
У 1850-х гадах Ельскі працягвае працаваць у сваіх лепшых скульптурных жанрах – бюст і медальён, за што атрымаў прозвішча “беларускі Шубін”. Выдатнай працай гэтых гадоў стаў рэльеф “Алегорыя скульптуры, якая высякае бюст Міхала Ромэра” (1858). Памёр К. Ельскі ў маі 1867 года і пахаваны ў Вільні – горадзе, якому прысвяціў усё сваё творчае жыццё.
Андрэй Втарушын, выкладчык гісторыі мастацтваў
Бераставіцкай ДШМ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *