7 ліпеня спаўняецца роўна 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Купалы.
Яго імя неразрыўна звязана з Беларуссю: вялікая колькасць вершаў, яскравая публіцыстыка, пераклады. Беларускі пясняр пакінуў нам пасля сябе вялікую спадчыну.
Сапраўднае імя паэта Іван Дамянікавіч Луцэвіч. Нарадзіўся паэт ў вёсцы Вязынка (зараз гэта Маладзечанскі раён Мінскай вобласці) ў свята Купалле, таму і ўзяў сабе псеўданім Купала.
У юбілейную дату ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка» адбудзецца Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў.
У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага і яе філіялах на вёсцы юбілей беларускага паэта не застанецца без увагі. Пройдуць бібліяграфічныя агляды і выставы творчасці Янкі Купалы, паэтычныя гадзіны і літаратурныя чытанні.
У райбібліятэцы адбудзецца адкрыты прагляд літаратуры “У храме слова Янкі Купалы”.
Таксама дарослыя і юныя чытачы Бераставіччыны актыўна далучаюцца да абласнога чэленджа “Класічна…патрыятычна”: Гродзеншчына чытае Янку Купалу і Якуба Коласа”. Падчас яго правядзення неабходна зрабіць фотаздымкі за чытаннем твораў паэтаў-юбіляраў і даслаць для размяшчэння на сайтах раённай і абласной бібліятэк.
Святлана Ганчарова